РЭКУЛЬТЫВА́ЦЫЯ ЛАНДША́ФТАЎ,
комплекс работ па аднаўленні гасп., эстэт., медыка-біял. і інш. каштоўнасцей ландшафтаў, парушаных антрапагенным уздзеяннем. Уваходзіць у сістэму мерапрыемстваў па рацыянальным прыродакарыстанні і ахове прыроды. Вылучаюць горнатэхн., біял. і буд. этапы рэкультывацыі. Горнатэхнічная рэкультывацыя (планіроўка паверхні, пракладка дарог і інш.) накіравана на аднаўленне абіятычнага субстрату для стварэння асновы для наступнага этапу рэкультывацыі. Біялагічная рэкультывацыя (павышэнне ўрадлівасці глеб, сяўба с.-г. культур, лесанасаджэнні і інш.) уключае с.-г., водагасп., лесагасп. і рыбагаспадарчыя мерапрыемствы. Будаўнічая рэкультывацыя — стварэнне спец. збудаванняў. У выніку рэкультывацыі фарміруюцца ўстойлівыя, прадукц. і аптымальна арганізаваныя ландшафты, адбываецца пераўтварэнне парушаных прыродных ландшафтаў у культурныя, якія забяспечваюць асяроддзе, спрыяльнае для жыццядзейнасці людзей, узнаўленне прыродных рэсурсаў. На Беларусі Р.л. праводзіцца на плошчах б. торфараспрацовак, здабычы нярудных карысных выкапняў, будовы дарог, газа- і нафтаправодаў і інш. Гл. таксама Ландшафт геаграфічны.
В.С.Аношка.
т. 13, с. 573
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)